«БЕЛАРУ́СКІ КАЛЯНДА́Р»,

штогадовае выданне Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ) у Польшчы. Выдаецца з 1957 у Беластоку на бел. мове (у 1993 друкаваўся ў Гродне, у 1994 і 1995 у Мінску). Змяшчае матэрыялы, прысвечаныя юбілейным і памятным датам Беларусі і Польшчы, дзейнасці БГКТ, бел.-польскім грамадскім, культ. і эканам. сувязям, даведкі пра найб. значныя падзеі і славутых дзеячаў свету, даследаванні па гісторыі, культуры і краязнаўстве Беласточчыны. Друкуе бел. фальклор, рэпертуарныя старонкі для аматарскіх фалькл. і тэатр. калектываў, творы членаў літ.-маст. аб’яднання «Белавежа», біяграфіі і творы бел. пісьменнікаў, старонкі гумару, юрыд. і гасп. парады, астр. звесткі, імяніны, царк. правасл. і каталіцкі календары паводле старога і новага стыляў і інш. Выданне ілюстраванае.

Л.У.Языковіч.

т. 2, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)